Уявіце сабе самае ідэальнае надвор’е, якое толькі можа напасці на Каменец. І адбываецца гэта цуд у чацвер, у кірмашовы дзень! Натоўпы народу: прадаўцы, гарачыя аматары “шопінгу” і бяздзейныя разявакі. Дык вось гэтыя натоўпы толькі бледны цень таго, што адбывалася нейкія 70 гадоў таму з зайздроснай рэгулярнасцю ў старым адміністрацыйна-гандлёвым цэнтры Каменца – на плошчы «Рынак».
Гандлёвы цэнтр Каменца – плошча «Рынак»
На гэтым фота вавілонскае стаўпатварэнне, акіян людзей. Падобны “варушняк” мы маглі бачыць толькі два разы на сваёй памяці – на абласных “Дажынках”. А раней такія кірмашы былі справай рэгулярнай.
Значыць, як у любога сярэднявечнага горада, які знаходзіўся на скрыжаванні разнастайных гандлёвых шляхоў, у Каменца сфарміраваўся гандлёвы цэнтр. У яго можна было трапіць з любой кропкі ўезду ў горад, без якіх-небудзь паваротаў-заваротаў-разваротаў і іншых загагулін. Дастаткова ехаць увесь час проста. Асноўныя транспартныя артэрыі: вуліцы Брэсцкая, Пагранічная (раней Беластоцкая), Піўненкі (Літоўская), Чкалава (Кобрынская) і рака Лясная.
Сам базар быў абрамлены некалькімі вулачкамі: Rynek (Рынак), Pereca (Пераца), Przesmyk (Перашыек або Перамычка паміж Чкалава і Піўненкі). Цяпер гэта адна суцэльная вуліца Леніна.
На пытанне, калі сфарміраваўся гэты цэнтр, адказу я пакуль не дам. Аднак можна пафантазіраваць. Вуліца Брэсцкая – аднагодка Каменца, вуліцы Пагранічная і Піўненкі – узніклі не пазней за канец XIV стагоддзя (па іх праходзіў каралеўскі шлях з сучаснай Вільні ў Кракаў). Ды і Чкалава не маладая. Бо горад Кобрын, куды яна вядзе, амаль равеснік Каменца (малодшы ўсяго на 11 гадоў).
Базар быў падзелены на дзве часткі: месца для гандлю і пляцоўка для транспарту (вазы і павозкі). Напачатку XX стагоддзя ўся плошча была “брукаваная” палявымі камянямі, зроблены сцёкі вады.
На гандлёвай частцы ў два шэрагі стаялі драўляныя “буды”, папярэднікі гандлёвых павільёнаў (смешна сказаць – буцікоў). Уладальнікамі “буд” былі… хто? Правільна, яўрэі, якіх тут было больш за 90% ад усяго гарадскога насельніцтва. Хто багацейшы, у таго «буда» ацяплялася грубай. Бяднейшыя грэліся вядром з вугалямі, прынесенымі з дому.
Кірмашовы гандаль праходзіў кожны чацвер, а кірмашы былі месячнымі (5 і 18 чысла) і гадавымі (каля 10 разоў і прымяркоўваліся да розных рэлігійных святаў). Самым галоўным кірмашом быў Міхайлоўскі ў лістападзе, на якім толькі гандлявалі 200 купцоў! Варта заўважыць, што ў перадваенным Каменцы пры насельніцтве ў 4300 чалавек было 186 магазінаў і дробных крам!
Абавязковым атрыбутам усялякага горада, надзеленага Магдэбургскім правам, з’яўляецца ратуша.
І такі ў Каменцы яна таксама была, але не перажыла Трынаццацігадовую вайну паміж Рэччу Паспалітай і Расіяй у сярэдзіне XVII стагоддзя. Вядома ж, яе ў нейкім выглядзе адбудавалі, але і гэты век быў нядоўгі (да канчатковай адмены Магдэбургіі ў 1797 годзе).
Які сэнс яна несла ў справе гандлю? У ёй знаходзіліся эталоны розных мер (даўжынь, аб’ёмаў, вагі і розных матэрыялаў). Напрыклад, купілі вы адрэз тканіны для касцюма на вяселлечка любімаму сыночку і засумняваліся ў сумленнасці прадаўца. Ці мала, шальмец, падтачыў сваю мерку і на паўпядзі з кожнага метра бязвінных пакупнікоў падманвае. Гэтую спрэчку вы змаглі б вырашыць у ратушы, перамераўшы эталонным метрам або пераважыўшы эталонным кілаграмам.
Дзякуючы старым фатаграфіям мы можам прасачыць эвалюцыю гандлёвай плошчы за кароткі прамежак часу з 1924 па 1967 гады.
У міжваенны перыяд гандаль кіпеў і плошча «Рынак» забудоўвалася адэкватна павевам часу. У 1940 годзе новая савецкая ўлада ў барацьбе з камерцыяй знішчыла ўвесь прыватны гандаль – пад нож пайшлі ўсе “буды”. З дапамогай будматэрыялу, які з’явіўся пасля гэтага, многія гараджане вырашылі свае праблемы з жыллём. Пасля вайны тут разбілі сквер і па новых савецкіх святах сталі праводзіць мітынгі і дэманстрацыі.
Абавязковымі на плошчы былі знак “Нулявы кіламетр”, круглая тумба з аб’явамі, газетны кіёск. “За савецкім часам” уваход у сквер быў аформлены ў выглядзе аркі. Можна было пачытаць свежы нумар правільных газет. Тут жа знаходзілася Дошка гонару, а па святах – трыбуна для прадстаўнікоў раённай улады.
Цяпер гэта адзінае месца ў горадзе, дзе можна пасядзець у цяні дрэў і паесці марожанага з відам на вежу.
[wpedon id=”13624″ align=”center”]
Понравилось? Поделись!