Праект “Стары Каменец”
Гэты праект робіць гісторыю нашага горада цікавай і жывой. Не жудаснай каламутай на ўроках у школе і падручніках, прыдатных толькі для падпалкі грубы, а даступнай і захапляльнай як для дзяцей, так і для сталых. Праект “Стары Каменец” адкрывае таямніцы гісторыі нашага горада і разгадвае яе мноства загадак, прэпаруючы кожную гіпотэзу пад лупай скепсісу, стоптваючы горад ножкамі і дыхаючы векавым пылам у архівах.
Праект робіць нашу гісторыю даступнай з дапамогай кампутараў і планшэтаў, а таксама на паперы ў выглядзе кнігі. Ён ствараецца не ў адзіночку, а талакою: аматарамі і прафесіяналамі. Рады ўсім і любой дапамогі – дзверы адчынены круглыя суткі, фэйс-кантроль і дрэс-код адсутнічаюць.
І нарэшце, то дзеля чаго ўсё гэта пачалося. Нам абавязкова трэба ЎСПОМНІЦЬ, кім мы былі, ЗРАЗУМЕЦЬ, кім сталі і ДАВЕДАЦЦА, якімі можам стаць.
Што зроблена?
Сайт «Камянец і ваколіцы» даў прытулак праекту «Стары Каменец». Сярод гараджан было распаўсюджана 200 асобнікаў кампакт-дыскаў з імправізаваным фотаальбомам.
Са студзеня 2016 гады пачаліся штотыднёвыя публікацыі фатаграфій у раённай газеце “НК” у рубрыцы «Камянеччына на старых фота», завошта і атрымала дыплом.
У 2017 годзе завершаны працы па сканаванні фотастужак з негатывамі Георгія Грушэўскага. Усяго атрымалася 6800 здымкаў.
1 красавіка 2019 года ў свет выйшла 100 асобнікаў альбома 3-х гадовых публікацый “Камянеччына на старых фота”, а сам праект 3 траўня атрымаў Гран-пры конкурсу “Залатая літара” і дыплом Брэсцкага аблвыканкама за маштабны творчы праект.
Шмат год папаўняецца “Слоўнічак” словамі мясцовай беларуска-палескай гаворкі, якую яшчэ можна пачуць з вуснаў шматлікіх жыхароў Камянецкага раёна.
Напрацягу 9 месяцаў 2019 года ў газеце “НК” публікаваўся новый праект “Адкрываем Каменец наноў”. За яго ў 2020 годзе газета была ўзнагароджана яшчэ адной “Залатой літарай”.
Да канца 2019 года на аснове гэтага праекта быў зроблены мабільны аудыя-гід “Знаёмцеся – Каменец!” з маршрутами на 4-х мовах, а таксама каля вежы усталяваны QR-код са спасылкай на гэты маршрут.
У 2020 годзе было выдана некалькі асобнікаў альбома публікацый “Адкрываем Каменец наноў”. Адзін быў пераданы ў цэнтральную раённую бібліятэку.
Увесну 2021 года Таццяна Раманюк (г.Кобрын) перадала ўсе негатывы і фатагрфіі свайго бацькі Васіля Замулкі, які працаваў фотакорэспандэнтам у раённай газеце “Ленінец”. Працэс сканавання, нажаль, вельмі марудны, бо колькасць негатываў больш за дзесяць тысяч.
1 верасня 2021 года малым тыражом выдан фотаальбом “Каменец. 100 гадоў на фотаграфіях”, у якім апублікавана 750 здымкаў горада з апісаннем кожнага за ўсё мінулае стагодзе. Па адному асобніку было перадана ў цэнтральную раённую бібліятэку і ў бібліятэкі камянецкіх школ. Для асабістага карыстання можна набыць наўпрост у інтэрнэт-краме выдавецтва.
У 2022 годзе на інтэрнэт-аўкцыёне даў рады набыць 58 фатаграфій горада Каменца і Замаст часоў Першай сусветнай вайны. Такого горада яшчэ ніхто ня бачыў! Унікальныя здымкі, якія выпадкова трапіліся ў продажы, прыехалі з Германіі ў Каменец. Нажаль, не ўсе былі набыты, але імпрэзу ўжо можна рабіць.
У 2023 годзе з’явілася магчымасць пабачыць свет альбому-кніге “Каменец. Цікавосткі пра горад”. Вам гарантавана займальнае знаёмства з горадам і падарожжа па ім!
Што трэба зрабіць?
Ператварыць сціплую інтэрнэт-старонку ў годны медыя-прадукт з цікавай, а ў наступным і карыснай інфармацыяй. Гэтакі перадавы віртуальны праект, які па макулінках збірае, ратуе і захоўвае наша мінулае.
Што далей?
А далей музей горада! Талакою…
Як?!
За гады працы з камянчанамі я ўбачыў наступныя перадумовы:
- Людзі гатовыя перадаваць сваю маёмасць у музей і толькі ў музей і з крыўдай перажываюць, што не могуць гэтага зрабіць
- Школьным музеям ніхто не давярае
- Я, як жыхар горада і просты чалавек, у дадзеным выпадку не маю маральнага права прыняць чужую маёмасць у сваё валоданне
- Адказныя афіцыйныя персоны не стварылі ўмоў для атрымання вышэйпаказанай маёмасці і яе захоўванні (хоць спробы былі)
- Бюджэт не зможа пацягнуць чарговую стратную ўстанову (а я і не настойваю, што гэта мерапрыемства павінна быць за дзяржаўныя грошы)
Высновы…
- Праект “Стары Каменец” паўстае ў выглядзе некамерцыйнай арганізацыі (фонд ці грамадская арганізацыя)
- Арганізацыя знаходзіць жыхароў горада, якія жадаюць і могуць дапамагчы
- Арганізацыя збірае і зарабляе законнымі спосабамі матэрыяльныя сродкі для выканання пункта 4
- Арганізацыя знаходзіць прыстойнае памяшканне для адказнага захоўвання перададзеных артэфактаў і, па магчымасці, іх экспанаванні
- Перадача маёмасці суправаджаецца натарыяльным афармленнем адпаведных дакументаў
- Выйсце на стварэнне Музея
Як дапамагчы?
Пакуль самы даступны спосаб дапамагчы развіццю гэтага сайта і ў цэлым праекту “Стары Каменец” – ахвяраваць 50, 60 ці 100 рублёў, а ў знак падзякі вы атрымаеце адну з трох кніг-альбомаў пра Каменец: “Падчас Першай сусветнай вайны на старых паштоўках”, “Цікавосткі пра горад”, “100 гадоў на фатаграфіях” адпаведна. Пішыце на электронную пошту kamenetsby1276@gmail.com