Вуліцы Каменца, што хаваецца ў вашых імёнах? Такі, які сэнс ўкладалі “называльнікі” вуліц у гэтыя часам вытанчаныя словы?
Адказ просты – рацыянальнае мысленне нашых продкаў, якія чэрпалі свой жыццёвы вопыт не з “інтэрнэту” і тэлевізараў, а з асэнсаванага ўзаемадзеяння з прыродай і адзін з адным. Вось, да прыкладу, старадаўнія назвы, якія згадваюцца ў розных дакументах 17-га стагоддзя: Брэсцкая, Зарыльская, Літоўская, Плябанская, Падбельская, Раждзественская, Свіная, Сямёнаўская, Старышоўская. Яны вельмі канкрэтна паказвалі на сутнасць: калі на вуліцы была Раждзественская царква, значыць, вуліца таксама Раждзественская; калі вуліца адводзіла чалавека ў бок Брэста, значыць, яна Брэсцкая. Куды ўжо прасцей. І пра тое, як рацыянальнасць раптам здрадзіла нам, мы зможам даведацца з сучасных назваў вуліц нашага гарадка. Але спачатку паглядзім з вышыні птушынага палёту (а дакладней са спадарожніка) на планіроўку горада, якая была раней, і тую, якая стала цяпер.
Два словы аб планіроўцы горада
Старадаўняя плошча “Рынак”, дзе заўсёды віравала жыццё, з’яўлялася цэнтрам горада. Ад яе, як прамяні сонца, адыходзіла мноства вуліц у розных напрамках і з адпаведнымі назвамі з сэнсам: на Кобрын – вуліца Кобрынская, на Літву (Ружаны, Гродна, Слонім – сэрца Вялікага Княства Літоўскага) – Літоўская, на Беласток – Беластоцкая, на Брэст – Брэсцкая… А ў глыбіні горада гэтыя асноўныя вуліцы перасякаліся другараднымі вулачкамі, утвараючы павуцінне, – гэта так званая веерна-дугавая сістэма1 вуліц.
Вуліцы, што зноў з’явіліся пасля вайны, сталі арганізоўваць у выглядзе прамавугольнай планіроўкі1. Зразумела з якой мэтай: дамы стаяць роўна, як па струнцы, і пранумараваны так, што ніколі не заблудзішся – усё, як на парадзе. Аднак з маленькай нязручнасцю: каб патрапіць да суседа, які жыве за плотам на паралельнай вуліцы, часам даводзіцца пешшу накруціць вялікі крук.
А цяпер вернемся да самага смачненькага – да назваў вуліц Каменца, якія былі атрыманы імі літаральна адразу пасля вайны альбо былі перайменаваны ў 70-х гадах мінулага стагоддзя. Назвы, дарэчы, адпаведныя таму моманту часу.
Смела можна вылучыць тры тыпы гэтых вуліц:
Вуліцы імя “знамянальных дат”
1-га Мая (былая Сенатарская), яна ж “Свінячая” або “Свінная” – самая эпатажная з усіх старых вуліц у тым плане. Яе шматлікія перайменаванні ніяк не ўплываюць на знешні выгляд і ўладкаванне. Нават асфальтаванне не ратуе ад жахаў яе старадаўняй назвы. Дарэчы, “Свінячай” яна называлася не з-за свайго бруднага выгляду, а таму што гэта быў край горада, далей пачынаўся заліўны балоцісты луг, дзе з задавальненнем пасвіліся свінні.
8-га Сакавіка – не па-жаночаму проста. А раней яна была Шашэйнай (вяла да шашы Высокае-Пружаны).
9-га Мая (да сярэдзіны 1970-х – Сцінка) – усё больш чым зразумела. Бянтэжыць толькі тое, што яна непрыкметная, убогая і схаваная вельмі далёка ад увагі ў Замастах.
40 гадоў БССР, раней Чырвонаармейская, а яшчэ раней Судовая. Чаму Судовая? Бо ў будынку, дзе зараз знаходзіцца цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, некаторы час знаходзіўся суд. І вуліца гэтая была вельмі кароткай (ад Савецкай да садка). А ад садка да пошты яе працягнулі ў 60-х гадах.
50 гадоў БССР – сітуацыя аналагічная. Прыйшла круглая дата – адзнач яе годным перайменаваннем вуліцы.
70 гадоў Кастрычніка. Кастрычнік – гэта той, які рэвалюцыйны месяц. Хоць выхадны з гэтай нагоды ў лістападзе, аднак рэвалюцыя адбылася ў кастрычніку. Дарэчы, да гэтага юбілею Каменец быў добраўпарадкаваны, а ў некаторых месцах і істотна перабудаваны.
Вуліцы “імя…”
Нашы камуністы-падпольшчыкі
Вуліца Кузько (раней Палявая), вуліца Дзмітрук (раней Ступічаўская), вуліца Дубовіка (раней Зялёная), вуліца Пякарскага (да сярэдзіны 1970-х – Юбілейная) – гэта ўсё прозвішчы “баевікоў” з КПзБ (б) (Камуністычная партыя Заходняй Беларусі (бальшавікоў)). Ідэалісты і рамантыкі, якія імкнуліся ўвасобіць ідэі рэвалюцыі на нашай зямлі. Але іх лёсам не пазайздросціш…
Дзмітрук Праскоўя Фёдараўна – ревалюцыянерка з вёскі Лескі. Да гэтай жанчыны лёс аказалася больш добразычлівым.
Дубовік Сямён Андрэевіч – адзін з арганізатараў КПзБ у Заходняй Беларусі, у прыватнасці ў Камянецкім раёне, родам з вёскі Рэчыца. У 1937 годзе асуджаны як “польскі шпіён” органамі НКУС і расстраляны, у 1957 годзе – рэабілітаваны.
Кузько Карп Калінікавіч – сакратар КПзБ (б) Камянецкага раёна, першы старшыня райвыканкама, расстраляны ў жніўні 1941 года ў Клепачоўскім лесе.
Пякарскі Яўгеній Рыгоравіч – рэвалюцыянер з Турны, расстраляны немцамі ў 1942 годзе ў Прускаўскім лесе.
Нашы пераможцы ў Другой сусветнай вайне
Вуліца Вірко. Вірко Сяргей Васільевіч, малодшы сяржант, родам з вёскі Ратайчыцы. У баі пад Кёнігсбергам 4 лютага 1945 года здзейсніў т. зв. подзвіг Матросава, за што быў узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны 1 ступені. Апісанне подзвігу можаце прачытаць па спасылцы.
Вуліца Уладычанскага. Уладычанскі Антон Станіслававіч, генерал-маёр, камандзір 50-й гвардзейскай двойчы Чырванасцяжнай стралковай Данецкай ордэнаў Суворава і Кутузава дывізіі, сіламі якой у 1944 годзе быў вызвалены Камянецкі раён ад акупантаў. Ганаровы грамадзянін Каменца.
Вуліца Піўненкі (раней Літоўская). Піўненка Пётр Якаўлевіч, палкоўнік, быў смяротна паранены 24 ліпеня 1944 года пасля вызвалення Камянца ў ваколіцах вёскі Галёнчыцы.
Вуліца Самуйліка. Самуйлік Аляксандр Іванавіч, Ганаровы грамадзянін Каменца, “беларускі Чапай”, падчас Другой сусветнай вайны партызаніў на тэрыторыі Брэсцкай вобласці. Дарэчы, паводле звестак партала “Подзвіг народа”, Аляксандр Іванавіч не меў ніводнага баявога ордэна. Аднак на фота бачны ордэн Леніна. Ёсць нагода для даследавання яго біяграфіі.
Вуліца Хахракова (раней Новая, затым Паўднёвая). Хахракоў Фёдар Паўлавіч, малодшы лейтэнант, Герой Савецкага Саюза (пасмяротна), загінуў у баі каля вёскі Відамля ў 1944 годзе пры абароне стратэгічнага агнявога рубяжа (будучы параненым, застрэліўся, каб не патрапіць у палон, калі ўжо не мог прыкрываць адступленне сваіх байцоў). Апісанне подзвігу можна прачытаць тут (другі абзац).
Не камянецкія пісьменнікі
Вуліца Гогаля (раней Палявая (Polna)). Гогаль Мікалай Васільевіч, рускі пісьменнік. “Вій”, “Вечары на хутары”, “Мёртвыя душы” – гэта яго рук справа.
Вуліца Горкага. Горкі Максім, ён жа Пешкаў Аляксей Максімавіч, апазіцыянер царскага рэжыму, “буравеснік рэвалюцыі” і “вялікі пралетарскі пісьменнік”.
Вуліца Я. Коласа. Колас Якуб, ён жа Міцкевіч Канстанцін Міхайлавіч, беларускі савецкі пісьменнік.
Вуліца Маякоўскага. Маякоўскі Уладзімір Уладзіміравіч, аўтар вершаў. Аб сваіх творах часам гаварыў так: “атрымалася неверагодна рэвалюцыйна і ў такой жа ступені пачварна”. “Ешь ананасы, рябчиков жуй, день твой последний приходит, буржуй” – класіка…
Не камянецкія персоны
Вуліца Гастэлы. Гастэла Мікалай Францавіч, савецкі ваенны лётчык, які здзейсніў у 1941 годзе “вогненны таран” варожай калоны.
Вуліца Дзяржынскага. Дзяржынскі Фелікс Эдмундавіч, ён жа “Жалезны Фелікс”. Згодна з яго жыццёвым прынцыпам, “у чалавеку ўсё павінна быць жалезным – і воля, і біцэпс, і зубы”. Мабыць, для таго, каб праводзіць “чырвоны тэрор”, ініцыятарам якога ён быў.
Вуліца Кіжаватава. Кіжаватаў Андрэй Мітрафанавіч, савецкі пагранічнік, адзін з кіраўнікоў абароны Брэсцкай крэпасці ў 1941 годзе.
Вуліца Касмадзям’янскай. Касмадзям’янская Зоя Анатольеўна, баец разведвальна-дыверсійнай часці падчас Другой сусветнай вайны. Была схоплена мірнымі жыхарамі падчас падпалу вёскі, павешана акупантамі.
Вуліца Леванеўскага (раней Пасека, па імені вёскі, якая знаходзілася ў гэтым месцы). Леванеўскі Сігізмунд Аляксандравіч, лётчык, Герой Савецкага Саюза, які загінуў у 1937 годзе падчас пералёту з СССР у ЗША праз Паўночны Полюс.
Вуліца Леніна. Ён жа Ульянаў Уладзімір Ільіч. Невысокі, лысы і картавы. Актыўны саўдзельнік падзей у кастрычніку 1917 года. Вельмі папулярны ў выглядзе бронзавых і гіпсавых статуй. Помнік гэтаму гістарычнаму персанажу устаноўлены на цэнтральнай плошчы Каменца. Форма вуліцы вельмі дзіўная і аб’яднала ў сабе адразу некалькі старадаўніх назваў: Школьная, Беластоцкая, рынак, Перамычка (Przesmyk), Пераца.
Вуліца Ляонава. Ляонаў Аляксей Архіповіч, савецкі касманаўт, першы чалавек, які выйшаў у адкрыты космас. Іменем такога чалавека не шкада і вуліцу ў нашым горадзе назваць.
Вуліца Матросава (раней Мурынка – вяла ў вёску Вялікія Мурыны). Матросаў Аляксандр Мацвеевіч, Герой Савецкага Саюза, закрыў сваім целам амбразуру ДЗОТа, тым самым даў магчымасць працягнуць наступленне батальёна чырвонаармейцаў.
Вуліца Панфілаўцаў. Байцы стралковай дывізіі пад камандаваннем генерал-маёра І. В. Панфілава, якія ўдзельнічалі ў 1941 годзе ў абароне Масквы. Нібыта 28 гэтых байцоў за 4 гадзіны бою знішчылі 18 нямецкіх танкаў, пры гэтым усе загінулі. Аднак афіцыйная версія подзвігу была вывучана Галоўнай ваеннай пракуратурай СССР і прызнана літаратурнай выдумкай.
Вуліца Чкалава (раней Кобрынская). Чкалаў Валерый Паўлавіч, Герой Савецкага Саюза за разнастайныя рэкордныя палёты-пералёты, у прыватнасці з СССР у ЗША ў 30-я гады савецкага часу.
Вуліцы “ўсякія”
Вуліца Белавежская – не-не, пасёлак Белавежскі тут ні пры чым. Напэўна, матывы і папулярнасць Белавежскай пушчы навеялі гэтую назву.
Вуліца Індустрыяльная – у назве закладзена ўся сіла Каменца таго часу. На гэтай вуліцы знаходзіцца ЖКГ, Аўтобусны парк, нарыхткантора, склады райпсажыўтаварыства, розныя вытворчыя цэхі, некалі дзве велізарных цяпліцы з цюльпанамі да 8-га сакавіка і г. д. і г. д. – прамысловы мікрараён.
Вуліца Меліяратараў – без каментарыяў.
Вуліца Кастрычніцкая – прысвечана вялікаму Кастрычніку, мэты і ідэі якога дыскрэдытаваныя спосабамі іх дасягнення.
Вуліца Піянерская. Піянер акцябронку прыклад! Піянер – усім прыклад! У гонар якіх была названа: савецкіх ці беларускіх?
Вуліца Перамогі – у нашай краіне ёсць толькі адна перамога.
Вуліца Пагранічная (раней Беластоцкая) – цяпер, калі ехаць па ёй прама і нікуды не зварочваць, то, на жаль, упрэмся ў дзяржаўную мяжу. А ў Беласток трапім з некаторымі выдаткамі.
Вуліца Падрэчная – з вуліцы П. Дзмітрук выводзіць пад раку да невялікага пляжа. Шматпакутная: адна частка (уздоўж старога рэчышча ракі) – суцэльнае балота; другая частка – стогадовая папсаваная “брукаванка” (якая выглядае лепш за сучасныя асфальтаваныя вуліцы); трэцяя частка – сапсаваная пракладкай камунікацый “брукаванка”, а аднавіць і няма каму – спецыялісты павымерлі, як маманты.
Вуліца Пралетарская (раней Даліна, у некаторых крыніцах Адаліна), уздоўж старых могілак. Тут рвуцца ўсе шаблоны мыслення… Ідзеш па могілкавай вуліцы, якая называецца імем працоўнага класа, хоць лепш за ўсё назваць яе “Ціхай”.
Вуліца Савецкая – чарговае абязлічванне вуліцы Касцельнай. Не трэба быць занадта здагадлівым, каб пераканацца, што старая назва не выпадковая, бо менавіта на гэтай вуліцы знаходзіцца касцёл Святых апосталаў Пятра і Паўла. Такіх савецкіх вуліц поўна ў кожным горадзе і адносна вялікай вёсцы.
Наш час
Сучасныя назвы вуліц наогул не ўражваюць – ніякай унікальнасці і фішкі, “сирость да убогость”, казёншчына са схаванай пад сукно фантазіяй: Беларуская, Высокая (знаходзіцца ніжэй за суседнія вуліцы), Зялёная, Касая, Паркавая (за кіламетр ад парка), Пясчаная, Палявая, Рабінавая, Садовая, Сонечная, Сярэдняя, Будаўнікоў, Ціхая (з назвай амаль адгадалі – знаходзіцца недалёка ад новых могілак), Таполевая (назва асабліва актуальная ў тым сэнсе, што з таполямі ў горадзе ідзе барацьба да поўнага выразання ўсяго племені пад корань), Кветкавая, Паўднёвая.
Дарэчы, калі фантазія скончыцца, можна выкарыстоўваць ружу румба (цэлых 32 назвы для новых вуліц!). “Прыемна” будзе, калі ў нас з’явіцца чарговая безаблічная вуліца “Усходне-Паўночна-Усходняя” або якая-небудзь “Паўночна-Паўднёвая”…
Высновы
А вось што характэрна – няма вуліц з імёнамі нашых землякоў, якія сваімі дзеяннямі ўпісалі сябе ў гісторыю нашых горада і раёна. Не ўвекавечаны імёны князя Уладзіміра Васількавіча (заснавальніка горада!), вялікага князя Аляксандра (які надзяліў Каменец магдэбургскім правам і гербам у 1503 годзе), Льва Паеўскага (стараннямі якога пачаліся грандыёзная рэстаўрацыя вежы і будаўніцтва новай царквы), Станіслава Панятоўскага (апошні князь Вялікага Княства Літоўскага і апошні кароль Рэчы Паспалітай, ураджэнец вёскі Воўчын), Рамуальда Траўгута (ураджэнец вёскі Шастакова, генерал, адзін з кіраўнікоў паўстання 1863 года), Міхала Карповіча (родам з Каменца, прафесар тэалогіі, непасрэдны памочнік Тадэвуша Касцюшкі ў паўстанні), Марціна Матушэвіча (дзяржаўны дзеяч, пісьменнік, паэт, перакладчык) і яго сына Тадэвуша Матушэвіча (дзяржаўны дзеяч Вялікага княства Літоўскага і Каралеўства Польскага, аратар, публіцыст, перакладчык, паэт і тэатральны крытык, пасол Чатырохгадовага сейма, член часовага Цэнтральнага ваеннага ўрада абедзвюх Галіцый, міністр фінансаў Герцагства Варшаўскага, член Генеральнай канфедэрацыі Каралеўства Польскага, міністр фінансаў Царства Польскага, член Часовага ўрада Царства Польскага), Ехезкеля Коціка (цудоўны яўрэйскі пісьменнік з Каменца, якім захапляўся сам Шолам-Алейхем), Усевалада Ігнатоўскага (з Такароў, першы прэзідэнт Акадэміі навук БССР), Фёдара Дарашэвіча (вядомы беларускі мастак савецкага перыяду з Каменца), Мікалая Маеўскага (майстар нацюрмортаў і жывапісных пейзажаў з Дварцоў), Аляксандра Лышчыка (ураджэнец Каменца, найвышэйшага ўзроўню скульптар)… А заслужаныя настаўнікі нашых школ хіба не вартыя, каб імі ганарыліся і ўспаміналі не толькі на вечарынах сустрэчы выпускнікоў?!
Аднак часам і “называльнікі” хочуць здзівіць, але гараджане не прымаюць. Такое адбылося з вуліцай Пагранічнай, калі ў пачатку XXI стагоддзя яе частку ад цэнтра да маста хацелі назваць імем Усевалада Ігнатоўскага. Жыхары выказалі сваё адмоўнае “фі”. Уся высакародная справа абмежавалася толькі называннем гарадской бібліятэкі імем гэтага слаўнага сына Камянеччыны.
Напрошваюцца высновы:
- Абыякавасць такая, што хоць усе вуліцы называйце “Ціхімі”, толькі мяне не чапайце.
- Магчыма, людзі, якія знаходзяцца “над намі”, павінны стаць рухавікамі гэтых рацыянальных змяненняў і мець волю для ўвасаблення іх у жыццё?
- Уласна, гэта і ёсць захаванне гісторыі нашага горада. Калі яна не на слыху – лічы, што знікла…
P.S.: Вывучэнне назваў вуліц Каменца працягваецца. Аднак хачу звярнуць Вашу ўвагу на адзін факт. Да таго, як нашы дамы “напаткала” нумарацыя, яны мелі свае “імёны”. Пакуль атрымалася знайсці імя толькі аднаго дома. Падстава для чарговага даследавання … Прагну вашай дапамогі.
P. P. S.: Прыемна бачыць, што некаторыя гараджане на сваіх дамах пішуць назвы вуліц на роднай беларускай мове.
1 Чантурия, Ю.В. Белорусское градостроительное искусство: средневековое наследие, ренессанс, барокко, классицизм в системе европейского зодчества / Ю.В.Чантурия. — Минск: Беларуская навука, 2017. — 503с.: ил.
2 Памяць: Камянец. р-н: Гіст.-дак. хронікі гарадоў і р-наў Беларусі. — Мн.: Ураджай, 1997. — 526с.: л. іл.
Понравилось? Поделись!