Вяшчае Вадзім Пракапчук, эксперт праекта Праграмы Еўрапейскага Саюза “Падтрымка ўстойлівага турызму ў Беларусі”.
Гандлёвыя аб’екты
“У раён патроху падцягваюцца буйныя гандлёвыя сеткі, з’яўляюцца новыя аб’екты. Вядома ж, яны ствараюць канкурэнтнае асяроддзе як невялікім прыватным магазінам, так і Камянецкаму райспажыўтаварыству. У першую чаргу гэта відаць па асартыменце і выкладцы прадукцыі, якасці абслугоўвання. Тое, што да нас прыходзяць буйныя гандлёвыя аб’кты, стане ўзрушэннем для рознічнага гандлю і падбадзёрыць бізнес”.
Адукацыйны цэнтр
“Не сакрэт, што ў Каменцы ў нейкай ступені існуе праблема пазашкольнай занятасці і дадатковай адукацыі для дзяцей і моладзі. Няма фармату вячэрніх школ ці курсаў для індывідуальных ці групавых заняткаў па замежных мовах. Многія бацькі возяць сваіх дзяцей да рэпетытараў у Брэст. Таму наяўнасць адукацыйнага цэнтра ў горадзе дала б магчымасць існуючым і прыезджым трэнерам і рэпетытарам арандаваць памяшканні ў адным месцы (бо цяпер усе яны працуюць дома). Гэта велізарны пласт, які можа закрануць многія сферы. У такім цэнтры могуць праходзіць і курсы, і групавыя заняткі, і падрыхтоўка да цэнтралізаванага тэсціравання. Гэта можа быць месца, дзе маглі б праходзіць семінары, трэнінгі, брыфінгі, “круглыя сталы”. Фактычна цяпер з гэтым у горадзе туга. Зыходзячы з асабістага вопыту, магу сказаць, што знайсці такое памяшканне нават у нас у раёне – складана. Бо для такіх мерапрыемстваў неабходныя мультымедыйная дошка, экран, праектар, WI-FI, іншая аргтэхніка, зручнае памяшканне з рухомымі сталамі і крэсламі. Попыт на такія памяшканні будзе, я ў гэтым упэўнены. Нават горад Брэст ужо насычаны гэтым, асяроддзе вельмі канкурэнтнае. І ёсць тэндэнцыя, што частка адукацыйных мерапрыемстваў імкнецца выехаць у рэгіёны, і попыт будзе толькі расці”.
Турызм
“Наша краіна паступова адкрываецца. Еўрапейскі турыст і бізнес пайшлі ў Беларусь. З 1 студзеня ўступае ў сілу ўказ №462 «Аб устанаўленні бязвізавага парадку ўезду і выезду замежных грамадзян». У першую чаргу, ён устанаўлівае тэрмін часовага знаходжання замежных грамадзян у турыстычных мэтах да 10 сутак. Пры гэтым пашыраюцца тэрыторыі для часовага знаходжання замежных турыстаў, акрамя наведвальнікаў Нацыянальнага парка “Белавежская пушча”, бязвіз будзе дзейнічаць на тэрыторыі турысцка-рэкрэацыйнай зоны “Брэст” (г.Брэст, Брэсцкі, Жабінкаўскі, Камянецкі і Пружанскі раёны), для замежных турыстаў парка “Аўгустоўскі канал” будзе дазволена знаходжанне на тэрыторыі Гродна і ўсяго Гродзенскага раёна. Давайце зірнем аб’ектыўна, рэгіён яшчэ не зусім гатовы да такога.
Калі адкрылі бязвізавы ўезд у Гродна і на Аўгустоўскі канал, то ўсяго толькі за год усе прагназуемыя планы па турыстах былі выкананы і перавыкананы ў некалькі разоў. За гэты час у горадзе адкрылі каля 10 кафэ і рэстаранаў, павялічылася колькасць прыватных гасцініц і аграсядзіб. Пашырыўся пракат аўтамабіляў, веласіпедаў, байдарак. З’явілася шмат новых рознатэматычных маршрутаў. Сталі папулярныя курсы па вывучэнні замежных моў, прычым ва ўсіх сферах – ад таксістаў да экскурсаводаў, бармэнаў і афіцыянтаў і інш. Змянілася ўсё. Тыя, хто цяпер разумее сутнасць таго, што адбываецца, і хто дальнабачны, могуць зарабляць нядрэнныя грошы. Аднак патрэбна ўлічваць, што з замежнымі турыстамі неабходна мець зносіны, таму неабходнасць у валоданні замежнай мовай відавочная. Пра развіццё інфраструктуры разнастайных паслуг гаварыць можна доўга – працэс ідзе, і ён незваротны”.
Інфармацыйны цэнтр
“Не зразумела, чаму да гэтага часу ў Каменцы няма інфармацыйнага цэнтра. Нават у самай заняпалай чэшскай або славацкай вёсачцы ёсць інфацэнтр. Бо гэта месца, дзе збіраецца ўся інфармацыя аб рэгіёне: візіткі, флаеры, карты, турыстычныя буклеты… І паверце, ён не будзе пуставаць. Ды і праблем з напаўненнем таксама не будзе. Раённымі і абласнымі органамі ўлады і ўстановамі выпускаецца шмат інфармацыйнай літаратуры. У Камянецкім раёне – многа аграсядзіб, ёсць Белавежская пушча… Думаю, менавіта ў Каменцы мог бы быць кансалідуючы цэнтр, і размовы пра гэта вядуцца даўно… На мой погляд, няварта было б забываць і пра тое, што функцыянуюць сельскія бібліятэкі. Бо проста выдзяленне памяшкання, невялікая перазагрузка і перааснашчэнне дазволілі б зусім па-новаму зірнуць на відавочныя рэчы і жыхарам сельскай мясцовасці. А аб’екты турыстычнага паказу, гісторыка-культурная і прыродная спадчына там проста “каля дома”.
Музей горада
“Па сутнасці ў Каменцы няма музея. Ёсць музей Камянецкай вежы, у якім вельмі мала гісторыі горада. У гэтым плане вялікі дзякуй Георгію Мусевічу, Андрэю Асташэню, Сямёну Курчэйку, якія паднялі вялікі пласт з гісторыі Каменца і наваколля. І той аб’ём інфармацыі, які зараз ёсць у архівах і назапашаны ў мясцовых краязнаўцаў – нагода ўзяцца за гэты праект, хай нават пачаўшы з экспазіцыі фатаграфій. А калі яшчэ неабыякавыя жыхары Камянеччыны зацікавяцца і перададуць, што не шкада… з’явяцца і экспанаты. Як варыянт, можна нават зрабіць “мікс” з праекта інфацэнтра і музея горада – суседнія памяшканні, чаму не?!»
Гасцініца
“Зразумела, што за дзяржаўны кошт будаваць яе, хутчэй за ўсё, не будуць. З’явіцца яна сама сабой, і дапаможа яе з’яўленню прыватны бізнэс. Калі ж гаварыць пра тое, гасцініца ці ж хостал (еўрапейская сістэма размяшчэння, якая прадастаўляе сваім пастаяльцам на кароткі або працяглы тэрмін жыллё, якое ўяўляе сабой, як правіла, спальнае месца без дадатковых выгод у пакоі – рэд.) патрэбныя Каменцу, то, хутчэй за ўсё, другое. Сучасны турыст – гэта, у першую чаргу, малады чалавек. У Каменцы штогод праводзіцца фестываль “Камянецкі драйв”, і, безумоўна, на яго ў асноўным прыязджае моладзь. Па-першае, хостал – больш даступны аб’ект для пражывання па бюджэце, чым гасцініца. Зразумела, што больш чым на два дні затрымаць турыста ў нашым горадзе мы не зможам, і, улічваючы яго транзітнасць, турысту зручней будзе спыніцца ў хостале”.
Заключэнне
“Як мінімум праз год бізнес у раёне пачне выходзіць на новы ўзровень. Толькі тады, калі на нашых вуліцах загучыць польская, нямецкая, ангельская гаворка, вось тады адбудзецца пераломны момант, калі патрэбна будзе адаптавацца і рабіць па-іншаму, рабіць лепш. Тое, што бязвіз пашыраецца, дапаможа і бізнесу. Турысты, якія прыехалі да нас, хутка раскажуць на Радзіме пра свае ўражанні, дадуць зваротную сувязь, спрацуе сарафаннае радыё… І наступіць працэс лавінападобнай плыні. І яго не спыніць. Паркоўкі ў горадзе будуць занятыя машынамі з замежнымі нумарамі, будуць хадзіць людзі з фотаапаратамі, біноклямі, будуць пытацца ў мясцовых жыхароў, дзе можна паабедаць ці як прайсці да таго ці іншага аб’екта. Вось тады стане яшчэ больш зразумела – цяперашні фармат грамадскага харчавання зусім не гатовы, як мінімум; усюды ў рэгіёне кульгае, мякка кажучы, замежная мова. У Каменцы няма ніводнага сертыфікаванага гіда, які змог бы правесці экскурсію па горадзе на англійскай мове. У большасці еўрапейцаў няма такога паняцця, каб правесці выхадныя дома. Усе кудысьці едуць. Уся Еўропа імі ўжо даўно аб’езджана, а вось Беларусь, як і наш рэгіён, – белая пляма, якая зусім ім не знаёмая, і яна вабіць і літаральна заўтра стане даступнай. Таму самы час нам усім пачынаць працаваць над тым, каб турыст закахаўся ў нашу Камянеччыну, кааб, з’язджаючы з Беларусі, ён захацеў вярнуцца сюды яшчэ не раз”.
Понравилось? Поделись!