“Другая школа” – мясцовая назва дзяржаўнай установы адукацыі Сярэдняя школа №2 горада Каменца. Да канца 60-х гадоў дзіцячае насельніцтва Каменца і ваколіц істотна павялічылася не толькі з-за росту нараджальнасці (як вы ведаеце “у СССР сэксу не было”), але і за кошт з’яўлення ваенных гарадкоў побач з вёскай Дварцы і ў месцы будучага пасёлка Прыазёрскі. Школа перапаўнялася.
Будаўніцтва
Першы коўш з зямлёй з будучага катлавана для падмурка быў узняты восенню 1972 года. Амаль два гады ўзводзілі будынак падвойнага прызначэння: для ўсіх – школа, для ваенна-прамысловага комплексу – бомбасховішча і часовы прыстанак для абяздоленых і параненых у выпадку пачатку паўнамаштабных баявых дзеянняў паміж “Усходам” і “Захадам”.
Галоўным падрадчыкам была будаўнічая арганізацыя ПМК-8 (брыгадзіры муляраў – Скалдзецкі Г. Г., Брэсцкі В. С., (на пераклад ініцыялаў паўплываюць імёны, а яіх не ведаю((( ) тынкоўшчыкаў – Вайцюховіч А., маляроў – Пратасевіч), прараб – Кавальчук В. П. У маі 1974 года да аддзелачных работ падключыўся студэнцкі будаўнічы атрад Пінскага тэхнікума механізацыі. Жнівень 1974 года стаў гарачым месяцам для ўсіх. Звязаныя адной мэтай настаўнікі, вучні і іх бацькі займаліся добраўпарадкаваннем прышкольнай тэрыторыі і абсталяваннем класаў.
31 жніўня 1974 года камянчане сабраліся ля будынка новай школы на свята Першага званка і адкрыцця школы. Для такой падзеі абавязковыя ганаровыя госці: 1-ы сакратар раённага камітэта камуністычнай партыі Беларусі Мартысюк П. В., старшыня раённага Савета дэпутатаў працоўных Паборцаў В. Н., 1-ы сакратар раённага камітэта ленінскага камуністычнага саюза моладзі Беларусі Карапаценка С. Н., старшыня школьнага бацькоўскага камітэта Лепяшкевіч Г. В., прараб будаўніцтва Кавальчук В. П. Але ўся ўвага была прыкаваная да двух вучняў, якія далі першы званок у новай школе: Уладзімір Іванюковіч (10 “А”, у той час выпускны клас) і Аксана Пісарык (1 “А”).
Засяленне і асваенне (у главе шмат разоў згадваецца слова “першы” ў розных формах, падрыхтуйцеся)
1 верасня 1974 года пад чулым і мудрым наглядам 53 настаўнікаў за парты селі грызці граніт навукі 814 вучняў. Усім гэтым працэсам кіраваў першы дырэктар школы Георгій Пятровіч Дзмітрук.
Спатрэбілася некалькі гадоў, каб велізарная школьная тэрыторыя набыла абжыты выгляд. Шмат што для гэтага зрабіла настаўнік біялогіі Лідзія Васільеўна Жых, а намаганнямі настаўнікаў фізічнай культуры быў створаны школьны стадыён. У тыя ж гады былі пабудаваныя дзве вялікія цяпліцы, дзе практычна круглы год раслі кветкі, агародніна, расада.
У 1975 годзе школа зрабіла першы выпуск. Гэта былі хлопцы, якія правялі ў сценах школы ўсяго адзін год. 84 дзесяцікласнікі паспяхова здалі экзамены на атэстат сталасці. Ніна Адамчук – адзіная з іх – атрымала першы ў гэтай школе залаты медаль.
Школьная жыццё
А ў 1984 годзе ў жыццё пайшоў выпуск, які правучыўся ў школе поўныя 10 гадоў, гэта былі першакласнікі 1974 года. Сярод іх быў Міхаіл Міхайлавіч Макаед, які доўгі час працаваў у школе настаўнікам фізікі, адзін з заснавальнікаў турыстычнага руху сярод вучняў. Пад яго кіраўніцтвам вучні школы на працягу доўгага перыяду станавіліся пераможцамі рэспубліканскіх і міжнародных спаборніцтваў па турысцка-прыкладным мнагаборстве.
Школа заўсёды славілася сваімі педагогамі. У розныя гады працавалі тут тры заслужаныя настаўнікі БССР: Кацярына Малахаўна Андраюк, Ніна Канстанцінаўна Сідаровіч, Дзмітрый Рамановіч Дошчык.
У 70-80-х гадах група настаўнікаў была адзначана значком “Выдатнік асветы БССР”. Гэта – дырэктар школы Дзмітрук Георгій Пятровіч, настаўнікі пачатковых класаў Дацкевіч Раіса Якаўлеўна і Шляхто Марыя Фёдараўна, арганізатар пазакласнай і пазашкольнай работы Марчук Мая Канстанцінаўна, якія працавалі ў школе з самага пачатку яе існавання.
Многія настаўнікі школы былі такімі неардынарнымі людзьмі, што памяць пра іх адклалася глыбока ў падкорцы і перадаецца з вуснаў у вусны ў выглядзе легенд на працягу дзясяткаў гадоў. Вось толькі некаторыя з іх. Гэта неардынарны настаўнік фізікі і астраноміі, кумір і ўзор для пераймання многіх вучняў Георгій Георгіевіч Грушэўскі, настаўнік беларускай мовы і літаратуры Воўк Іван Андрэевіч, настаўнік рускай мовы і літаратуры Дзмітрук Марыя Іларыёнаўна, настаўнік пачатковай ваеннай падрыхтоўкі Фокін Аляксандр Паўлавіч. З першага дня адкрыцця школы і доўгі час настаўнікам фізічнай культуры працаваў Баранаў Віктар Іванавіч, цяпер яго справу працягваюць сын Баранаў Сяргей Віктаравіч і яго жонка, настаўнік рускай мовы і літаратуры Баранава Ларыса Віктараўна.
Асобна варта пагаварыць пра сапраўднага энтузіяста пошукавай працы Маю Канстанцінаўну Марчук, стараннямі якой у 1977 годзе быў заснаваны музей баявой і працоўнай славы «Памяць не маўчыць». У 1980 годзе яму было прысвоена званне “школьны музей”. Вучні 8 класаў правялі велізарную работу па зборы матэрыялаў аб 50-й гвардзейскай дывізіі, якая вызваляла Каменец і раён ад акупантаў у 1944 годзе.
У 1980 годзе школу ўзначаліў Міхаіл Канстанцінавіч Саевіч, граматны педагог і кіраўнік, выдатнік асветы. У тыя гады школа дасягнула выдатных спартыўных вынікаў: дзевяць гадоў першынствавала ў раённай алімпіядзе, была паказальнай у Брэсцкай вобласці па фізкультуры. У 1986 годзе школа прымала ўдзельнікаў Усесаюзнага семінара па фізічным выхаванні.
З 1987 года школай кіраваў Дзмітрый Раманавіч Дошчык, заслужаны настаўнік Беларусі. У гэтыя гады прыкметна змяніўся ўнутраны выгляд школы: памяшканні былі ўпрыгожаны мастацкімі работамі Дзмітрыя Раманавіча. Шмат увагі надавалася развіццю мастацкай творчасці навучэнцаў. У 1988 годзе пакладзены пачатак кампютарызацыі школы.
У 80-90-х гадах у школе працавалі такія выдатныя педагогі, як настаўнік рускай мовы і літаратуры Губарава Людміла Васільеўна, настаўнік беларускай мовы і літаратуры Скабельская Алена Уладзіміраўна, настаўнік гісторыі Франковіч Марына Іванаўна, настаўнік абслугоўваючай працы Іванюк Вольга Іванаўна, настаўнікі хіміі Юркевіч Вольга Андрэеўна і Семянюк Яўгенія Уладзіміраўна, настаўнік пачатковай ваеннай падрыхтоўкі Раманаў Віктар Аляксеевіч, настаўнік фізікі Карнялюк Лідзія Піменаўна, настаўнік матэматыкі Ганна Дзмітрыеўна Барантава, настаўнік гісторыі Валянціна Васільеўна Маеўская, настаўнік біялогіі Галіна Пятроўна Каліш, надзвычайны настаўнік гісторыі Юрый Алегавіч (Альгердавіч) Шляхто.
Годная змена
З 1996 года і па сённяшні дзень школай кіруе Ігар Сяргеевіч Філіпаў, які за свае дасягненні быў удастоены нагруднага знака “Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь”. За гэты час школа зведала некаторыя змены.
Перш за ўсё, адбылася змена пакаленняў у педагагічным калектыве. Педагогі, якія стаялі ля вытокаў школьнай гісторыі, заклалі падмурак прафесіяналізму, адукаванасці, стварылі ў школе атмасферу высокай маральнасці, даверу і павагі адзін да аднаго і да вучняў.
У 2013 годзе ў школе прайшоў капітальны рамонт. Істотна абноўлена матэрыяльная база. Неаднаразова вучні школы станавіліся прызёрамі раённых, абласных, рэспубліканскіх і міжнародных спаборніцтваў, алімпіяд, конкурсаў.
Афіцыйны сайт – http://sch2.kamenec.edu.by
У артыкуле выкарыстаны сканіраваныя негатывы Г. Г. Грушэўскага.
[wpedon id=”13624″ align=”center”]