Да Другой сусветнай вайны – Касцёльная. Бярэ пачатак ад Брэсцкай і раней канчалася на Свінячай (1 Мая), а зараз – на Лявонава.
Каменец. Вуліца Савецкая
Назоў відавочны, бо на вуліцы з 1501 года ўзвышаецца касцёл Святых Апосталаў Пятра і Паўла. Акрамя яго аніякіх будынкаў амаль што і не было, толькі насупраць стаяла плябанія (зараз дом №6, тут і далей выкарыстоўваецца сучасная нумерацыя). Наўкол касцёла існаваў цвінтар, і кожны раз, калі хто там капае зямлю, то знаходзяць чалавечыя астанкі. Вялізарная пустая тэрыторыя мела назоў “Ксяндзоўшчына”.
Бліжэй да пачатку Другой сусветнай вайны гэты абшар паволі пачаў забудоўвацца: у 1938 годзе з’явіўся незвычайны для таго часу дом №10, які пабудаваў фельчар Стасюк; побач з ім другі гаспадар збудаваў хату (№12) са зруйнаваных у 1940-ым годзе на плошчы “Рынак” драўляных “буд”. Падчас вайны акупанты пабудавалі малочны завод (№4).
Вядома ж, патрабуе ўвагі гандлёва-вытворчы будынак (пабудаваны ў 1982 годзе), у якім змясціліся: крама “Малако”, дзіцячае кафэ, піўны бар і кандытарскі цэх. Смешна было наглядаць, калі ў часы “сухога закону” пэўны час у памяшканні пад шыльдай “Бар” знаходзілася кафэ для дзяцей, а пад шыльдай “Кафэтэрый” – піўны бар для іх бацькоў. А які водар быў каля кандытарскага цэху! Мясцовая дзятва, быццам каты ад валяр’яну, хадзілі пад вокнамі і кленчылі ўсялякае духмянае смакоцце.
Дарэчы, да 1967 года на гэтым месцы была аўтобусная станцыя, а побач з касцёлам – невялічкі летні бар “Звярынец”. Важным прываблівым элементам у такіх піцейных установах – гэта гарэлка на разліў, колькі вып’еш усё тваё.
Падчас, калі на мапе горада пачалі з’яўляцца новые вуліцы (цяперашнія Хахракова, Белавежская і Лявонава), Савецкая пакрысе працягнулася да урочышча “Лейкаўшчына”.
Як дапамагчы праекту? Чытайце тут.
Понравилось? Поделись!