Вуліца Беластоцкая, зараз вуліца Пагранічная (не Памежная і не Межавая). Некалі гэта быў маленькі кавалачак вялікага каралеўскага шляха з Вільні ў Кракаў. Яшчэ да 1939 года па ёй без аніякіх перашкод можна было паехаць у Беласток, каб набыць колькі бочак селядцоў на продаж ці патанчыць на вяселлі ў сваякоў. Потым паміж двума дзяржавамі зрабілі сапраўдную граніцу, а нашу вуліцу перайменавалі ў Пагранічную. І звычайнаму чалавеку па ёй папасці ў Польшчу стала немагчыма. Да пэўнага часу.
Каменец. Вуліца Пагранічная
Яна заўсёды пачыналася ад скрыжавання з вуліцай Леніна каля сённяшняга будынка цэнтра гігіены і эпідэміялогіі. Дарэчы яго пабудавалі ў 1960 годзе як камбінат бытавога абслугоўвання, у якім размяшчаліся швейная майстэрня, цырульня, фатаграфія і іншыя цэхі. Насупраць праз дарогу ў 1989 годзе адкрылі новы будынак КБА (“Дом быта”). Раней на гэтым месцы былі драўляныя дамы і пажарны сарай, ад якога можна пачынаць адлік сучаснай гісторыі пажарных будынкаў горада.
Наступны будынак на цотным баку – крама “РайМаг” (гэта на першым паверсе, а на другім месцілася адміністрацыя дзяржаўнага гандлю ўсяго раёна), пазней “Гастраном”, а у наш час “Алеся” – пабудаваны ў 1954 годзе. За ім маленечкі аднапавярховы гандлёвы мініцэнтр – гэта комплекс будынкаў былой рэдакцыі газеты “Ленінец” (цяпер крама “Міла”) і тыпаграфіі (крама “Пінскдрэў” і іншыя). У часы сусветных войн гэтымі будынкамі карысталіся акупацыйныя ўлады (камендатура і яшчэ нейкая халера). Некаторыя каменчукі ўспаміналі, што ў тыпаграфіі захоўваліся канфіскаваныя ў насельніцтва ровары і радыёкропкі. Паміж войнамі ў “Пінскдрэве” жыў кіраўнік камянецкай ешывы равін Барух Дов Лейбовіч, у “Міле” – нейкі Мошэ Хаім Гуркі, які загінуў падчас Катастрофы. Пасля вайны – тут быў камянецкі райвыканкам, потым медычная ўстанова.
Насупраць праз дарогу стаіць аптэка, якая ў розныя часы заўсёды была аптэкай. Па гэтаму ж баку вуліцы цягнецца чарада жылых хат камянецкіх мяшчан, пабудаваных на пачатку мінулага стагоддзя. Сярод іх захаваўся адзін доўгі дом з брандмаўэрам – супрацьпажарная мураваная сцяна, якая палавініць дом.
Далей стаяць хаты, якія ўжо будавалі ў 50-60-ых гадах, за німі былы гаспадарчы магазін, у народзе “Жалезны” (1967 год), аўтастанцыя (1967 год). А кожную суботу цэнтрам прыцягнення ўсіх жыхароў на гэту ўскраіну Каменца станавілася новая лазня (1953 год) і бар “Ветрык” (“Ветерок”) з празрыстымі шклянымі сценамі, які яшчэ называлі “Тэлевізар” або “Шкельца” (“Стекляшка”), бо ўсё што ўнутры было навідавоку і ды жонкі маглі пабачыць, што робяць іх мужыкі. Прапаную тут спыніцца на хвілінку, каб адчуць тагачасны суботні вайб.
Гарадская лазня – амаль адзінае месца ў Каменцы, дзе можна было памыцца ў цёплай вадзе ды пагрэць косткі ў парыльне. Гэта быў сапраўдны святочны дзень і суботняй традыцыяй, бо да лазні шлі ўсёй сям’ёй: жанчыны пабалтаць, мужыкі папіць піва, дзеці з’есці які-небудзь прысмак. Пры ўваходзе злева быў буфет для наведвальнікаў, у якім мужыкі куплялі “100 грам з прычэпам”: на траіх бралі бутэльку водкі і па адным куфлі піва ды лёгкі заедак на адзін зуб. Дзяцей частавалі ласункамі і гэта была найвялікшая радасць. Усе стаялі за высокімі круглымі сталамі без крэслаў. Шмат хто хадзіў па суседству у бар “Ветрык”, бо там прадавалі піва ў бочках і часцяком яно было з Чэхіі. Мужыкі станавіліся ў чаргу і чакалі, калі прыйдзе той адзіны дзядзька, які па-майстэрску адкаркуе бочку. Бо калі зрабіць памылку, то ўсё піва з шумам выльецца прэч. За добрую працу яму налівалі піва без чаргі. Паўсюль гамонка, жарты, смех і шчыльны тытунёвы дым, хоць сякеру завесь.
Калі яшчэ ёсць сілы і жаданне, то пойдзем да мастоў, дакладней да першага з трох.
Бліжэй да скрыжавання з вуліцай Леванеўскага асобна існаваў астравок з трохі больш за паўтузіна хатак. Гэта мясцовасць некалі была прадмесцем Каменца і мела назоў “Пяскі”. А ў некаторых старых дакументах сустракаецца Пяскоўская вуліца. Нажаль, дакладна якой яна была я пакуль не даведаўся.
Канечны прыпынак – хата мастака Фёдара Дарашэвіча побач з драўлянай памятнай шыльдай.
Як дапамагчы праекту? Чытайце тут.
Понравилось? Поделись!