Вуліца Набярэжная, улица Набережная

Каменец. Вуліца Набярэжная

Вуліца Падрэчная, зараз Набярэжная. Пачнем шпацыр ад яе пачатку, дзе знаходзіцца безыменны сквер. Пойдзем па нязвыклай брукаванцы, таму абцасы не абуваць, бо далей дарога яшчэ горш.

Каменец. Вуліца Набярэжная

Брукавана
Брукаванка на вулицы Набярэжнай

Падчас Першай сусветнай вайны на месцы будучага сквера быў вялікі пусты пляц. Яго прызначэнне дагэтуль не ведаю. Але дакладна вядома, што тут знаходзілася царква Нараджэння Хрыстовага. Яна згарэла ў 1797 годзе і на месцы пажарышча мясцовыя жыхары знайшлі абраз Божай Маці ў якім быў апалены толькі задні бок. З таго часу вернікі шануюць гэты абраз, і захоўваецца ён дагэтуль у Сімяонаўскай царкве. Пасля на месцы былога царкоўнага алтара паставілі тры велічэзныя драўляныя крыжы і збудавалі цагляную каплічку.

Пусты брукаваны плац і каплічка на рагу
Пусты брукаваны плац і каплічка на рагу ў часы Першай сусветнай вайны
Добраўпарадкаваны плац Пілсудскага, 1935 год

У міжваенны перыяд тут зрабілі сквер: пасадзілі ліпы, ясені, кветнікі, зрабілі дарожкі, паставілі лаўкі і назвалі плацам Пілсудскага. Падчас “першых” саветаў крыжы і каплічку дэмантавалі. Хадзем далей…

Па левую руку паміж хатак уецца дарожка да ракі – недзе ў гэтым месцы займаліся вырабам скур, што патрабавала вельмі шмат вады.

Вулачка да ракі, 2008 год
Вулачка да ракі, 2008 год

Бліжэй да гімназіі па правую руку ўзгорак – месца былого княжацкага палаца, а па левую яшчэ адна дарожка да ракі – тут яшчэ гадоў 20 таму знаходзіўся ў вадзе ваенны пантон. Яго выкарыстоўвалі для перавозкі сена з другога (“ступічаўскага”) берага ракі. Побач сядзіба Эдуарда Якубоўскага – пра яе трошачкі тут.

Пантон на рацэ
Пантон на рацэ

За палацавым узгоркам убок вежы падымаецца сцяжынка, якая мела мясцовую назву Нахільная, а за вежай зноў сцяжынка, якая змяніла сваю форму праз пабудаваную бетонную сценку, і некалі называлася Замкавай. Далей да ракі яе працяг называўся Купальны спуск. Гэтыя назвы я ўзяў з кнігі Георгія Мусевіча “Мой горад”, іншых крыніц гэтых тапонімаў я, нажаль, не маю.

Уздоўж узгорка, на якім ў мінулым знаходзўся палац
Уздоўж узгорка, на якім ў мінулым знаходзўся палац, 2021 год

Падымаемся далей па Набярэжнай і бачым былы сінагагальны двор – сакральнае месца старога Каменца: дзьве сінагогі, хедар і нават лазня царскіх часоў, у якой была міква – рэзервуар з вадой, у якім праводзілі абмыванне цела і прадметаў побыту для ачышчэння ад рытаульнага бруду.

Агульны выгляд на сінагагальны двор
Агульны выгляд на сінагагальны двор, 2013 год
Былая лазня, потым камунальныя кватэры, зараз закинуты будынак, 2024 год
Былая лазня, потым камунальныя кватэры, зараз закінуты будынак, 2024 год

З дзвюх сінагог застаўся будынак толькі адной. Пасля вайны у розныя часы ў ім месціліся крухмальны завод, кантора КБА, камерцыйная крама “Тройка”, зараз жылы дом. З былой лазні зрабілі камунальныя кватэры, а ў хедары – ваенкамат.

Крочым далей і бачым двухпавярховы цагляны дом Мойшэ Рэзніка, у якім апошнія гады жылі небаракі, вызваленыя з турмаў, а зараз у яго з’явіўся новы гаспадар. Гэта блізнюк дома Уладзіміра Уласюка, што каля царквы – ёсць з чым параўнаць, калі ў хаце жыве руплівы гаспадар. Насупраць яго на закругленні стаіць прысадзістая драўляная белая хатка – дом святара Уладзіміра Філосафава.

Дом Мойшэ Рэзніка, 2017 год
Дом Мойшэ Рэзніка, 2017 год
Хата Уладзіміра Філосафава, 2023 год
Хата Уладзіміра Філосафава, 2023 год

А на выхадзе з Набярэжнай на вуліцу Піўненкі па левую руку стаіць жылы дом, у якім раней месціўся дом піянераў і школьнікаў (быццам бы гэта зусім розныя людзі). Побач з ім яшчэ 25 год таму можна было пабачыць рэшткі падмурку Уваскрасенскай царквы. Ды і зараз там- сям трапляюцца чалавечыя рэшткі з былога царкоўнага пагосту. На шчасце 2 гады таму даў рады набыць здымак гэтай царквы, які быў зроблены ў 1916 годзе. Дарэчы, недзе ў гэтыя часы яна і згарэла…

Старая Уваскрасенская грэка-каталіцкая царква, 1916 год
Старая Уваскрасенская грэка-каталіцкая царква, 1916 год
Гэтае ж месца ў 2009 годзе
Гэтае ж месца ў 2009 годзе

Як дапамагчы праекту? Чытайце тут.

Понравилось? Поделись!

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *