За птушкамі і за гісторыяй…

У мінулыя выхадныя ў Камянцы прайшла адкрытая агульнагарадская экскурсія “Птушкі урочышчы “Манастыр”. Яна была арганізавана грамадскай арганізацыяй “Ахова птушак Бацькаўшчыны” (АПБ) у рамках “Школы бёрдвотчара”, якая ладзіца ў нашым горадзе і складаеца з васьмі тэарэтычных заняткаў і дзьвух палявых экскурсій.

Бёрдвочынг – назіранне за птушкамі, цікавы і папулярны ў многіх краінах занятак. Гэтае хобі дорыць чалавеку радасць і задавальненне і дае магчымасць больш рухацца і разнастаіць сваё жыццё. У Школе расказваюць не толькі як адрозніваць птушак, але і як апранацца для бёрдвочынгу, як складаць маршрут, як апісваць птушку, як правільна пазначаць яе месцазнаходжанне і шмат іншай карыснай інфармацыі.

Падчас экскурсіі ўдзельнікі змаглі ўбачыць каля дваццаці відаў птушак (ад маленькіх сінічак да лебедзяў, буслоў і журавоў, і нават змаглі ўбачыць лунаючага ў небе сапраўднага арла ў карагодзе з іншымі драпежнікамі). Апроч гэтага ўдалося даведацца аб шэрагу цікавых момантаў:

  • як адрозніць самцоў ад самак, як выглядаюць маладыя птушкі, а як – дарослыя падчас гнездаванняі ў іншы час;
  • як адрозніць птушак па галасах;
  • дзе якіх птушак можна сустрэць;
  • чым харчуюцца розныя птушкі;
  • якія паводзіны і іншыя асаблівасці яны маюць.

Асаблівай цікавосткай экскурсіі была размова з Андрэем Асташэняй (краязнаўца і адначасова ўдзельнік школы), які паведаміў шмат цікавых фактаў з гісторыі Камянца і адкрыў невядомыя старонкі заснавання і знішчэння на супрацьлеглым ад гістарычнай часткі горада беразе ракі Лясная Васкрасенскага манастыра, які існаваў там у сямнаццатым стагоддзі.

Мерапрыемства прайшло ў рамках ініцыятывы “Будзь здаровы з птушкамі!”, якую АПБ рэалізуе ў межах праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі “Прафілактыка неінфекцыйных захворванняў, прасоўванне здаровага ладу жыцця і падтрымка мадэрнізацыі сістэмы аховы здароўя ў Рэспубліцы Беларусь” (“БЕЛМЕД”), які фінансуецца Еўрапейскім Саюзам і рэалізуецца ПРААН, СААЗ, ЮНІСЕФ і ЮНФПА у парнёрстве з Міністэрствам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь.

Вадзім Пракапчук (фота аўтара)

Понравилось? Поделись!

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *