Невялікі каталіцкі прыход, малавядомая гісторыя касцёла Святых апосталаў Пятра і Паўла, які быў піцейнай установай… Хвілінку, хвілінку, зараз прыпадніму заслону ўсіх таямніц.
Касцёл Святых апосталаў Пятра і Паўла ў Каменцы
Хоць касцёл і з’явіўся перад намі ў цяперашняй іпастасі некалькі гадоў таму, але гісторыя яго ўзнікнення і існавання адводзіць нас не тое што ў глыбіню стагоддзяў, але і яшчэ глыбей – наўпрост у 16 стагоддзе. Прататыпам яго былі касцёлы ў Кракаве і Кальварыі Жэбрыдаўскай. Падобны касцёл крыху пазней быў пабудаваны ў Астраўках каля Міжрэчча Падляскага. Адзначу, што на працягу ўсёй гісторыі Каменца ў ім знаходзяцца (-іліся) касцёл Святых апосталаў Пятра і Паўла (1501 год), Святой Тройцы (1543 год) і могілкавая капліца ў гонар пакутнікаў 20 стагоддзя.
Касцёл Святых апосталаў Пятра і Паўла быў пабудаваны ў 1501 годзе на ахвяраванні Аляксандра (сына Казіміра), вялікага князя ВКЛ (1492-1506 гг.), караля польскага (1501-1506 гг.). У 1619 годзе касцёл быў перададзены айцам-варфаламістам (манахі-камуністы). Настаяцель айцоў-варфаламістаў Гжэгаж Гіжыцкі (Grzegorz Giżycki) перабудаваў яго ў 1723 годзе. Касцёл асвяціў епіскап Луцкі Стэфан Рупнеўскі. Апісанне касцёла дайшло да нашага часу з успамінаў віленскага біскупа Адама Станіслава Красіцкага, які аб’язджаў сваю епархію ў 1876 годзе. Гэта апісанне ў сваю чаргу было выяўлена прафесарам Кракаўскага універсітэта Янам Пердэнем і выдадзена ў манаграфіі “Каменец і прыход” (знайсці б!).
А вось і само сумнае апісанне: “Касцёл драўляны, падмурак з цэглы, прамавугольнай формы з франтонамі, 2 фасадныя вежы. Касцёл абабіты белай бляхай, з жалезнымі крыжамі ў даўжыню 42 аршыны у шырыню 21 аршын, адпаліраваныя сцены, дах пакрыты гонтай. У ніжнім ярусе было 8 вокнаў, у верхнім 10, усіх маленькіх вокнаў налічвалася 11. Жалезныя заслоны, унутраныя замкі ў дзвярах (паказчык дастатку).
Над уваходам у касцёл размяшчаліся хоры (балкон) на дзвюх драўляных калонах. Меўся 8-галосы орган блакітнага колеру, часткова пазалочаны. Уся падлога выкладзена тарціцай (дошкамі). З кожнага боку па 8 лавак, каля вежаў 2 канфесіяналы, пакрытыя арэхавым лакам. У алтарнай частцы ў куце злева знаходзіўся амбон (паўкруглае высунутае на сярэдзіну ўзвышэнне, з якога чытаюць Евангелле) арэхавага колеру, пад ім – спавядальня. Каля яе знаходзіліся дзверы ў сакрыстыю (спецыяльная прыбудова, у якой захоўваюцца свяшчэнны посуд, кнігі, богаслужбовая вопратка і інш.) на жалезных завесах, у ёй – шафа з шуфлядамі. У касцёле была хрысцільня на шасцігранным пастаменце з ёмістасцю для вады. Над ёй намаляваныя Святы Дух у промнях і Ян Хрысціцель. Квадратныя калоны аддзялялі ніжні неф ад цэнтральнага. Іх было восем. Столь у ніжніх і верхніх нефах размаляваная рознымі фігурамі. Сцены касцёла распісаныя, на іх віселі маляўнічыя іконы крыжовага шляху Ісуса Хрыста, быў палатняны абраз “Тайная вячэра” і дзве іконы Св. апосталаў Пятра і Паўла.
Было восем алтароў (бо на адным алтары можна было здзяйсняць адну службу ў дзень, а тут жылі манахі). Галоўны алтар складаўся з двух ярусаў, быў упрыгожаны разьбой, месцамі размаляваны і часткова пазалочаны. Першы ярус меў чатыры калоны, каля якіх стаялі дзве статуі дыяканаў: Стэфана і Лаўрэнція (цяпер знаходзяцца ў касцёле в.Пелішча). Паміж імі – палатняны абраз у пасярэбранай рамцы Св. апосталаў Пятра і Паўла. Па баках два херувімы, а пад імі двое дзвярэй за алтар. На менсе (даравы стол) пасярэдзіне знаходзілася даразахавальніца (цяпер у касцёле). На другім ярусе размяшчаліся шэсць драўляных вазонаў з кветкамі, знаходзіўся абраз Дзевы Марыі Вастрабрамскай у пазалочанай раме. Другі алтар знаходзіўся справа ад галоўнага. Паміж дзвюма пазалочанымі калонамі палатняны абраз Дзевы Марыі ў сярэбранай вопратцы з немаўлём. У Маці Божай у руках скіпетр, а ў немаўляці – дзяржава. На другім ярусе знаходзіўся абраз Св. Іосіфа. Трэці алтар знаходзіўся злева ад галоўнага, такі ж па форме, як і другі, толькі на першым ярусе абраз Св Ганны з сярэбранымі накладкамі і трыма каронамі. Чацвёрты алтар знаходзіўся каля алтара Св. Ганны. На ім размяшчаўся абраз Св. Антонія, а ў верхняй частцы абраз Св. Варвары. Пяты алтар з абразам Св. Архангела Рафаіла, у верхняй частцы абраз св. Тавіта. Шосты алтар з абразамі Св. Іосіфа і Св. Пятра. Сёмы алтар насупраць шостага, з абразам Св. Іуды Фадзея і абразам Св. Апалонія. Восьмы алтар з фігурай распятага Ісуса Хрыста”. Вось як яно было, хто б мог падумаць!!!
У ноч з 23 на 24 чэрвеня 1924 года каля 2300 у касцёле пачаўся пажар. Настаяцель касцёла Вацлаў Турлай успамінаў, што ўдарыла маланка і пачалася бура. Касцёл згарэў цалкам, толькі адзінкавыя рэчы ўдалося вынесці (ратавалі ўсе гараджане, нягледзячы на веравызнанне). У Белавежскай пушчы закупілі дрэва і паставілі часовую капліцу. Заставалася званіца, пабудаваная ў 1794 годзе. Яе перарабілі ў алтарную частку, да якой прыбудавалі адзін галоўны неф даўжынёй 22 метры і шырынёй 12 метраў. Дах накрылі руберойдам, да званіцы з двух бакоў прыбудавалі рызніцу.
У 1928 годзе праходзіла візітацыя біскупа Зыгмунта Лазінскага ў парафію Каменца. Быў прызначаны новы пробашч ксёндз Альбін Бакіноўскі з Шарашова. Аднак ён доўга тут не прабыў. На яго месца быў прызначаны ксёндз Ігнат Верабей. У 1935 годзе ён прыступіў да аднаўлення касцёла. Згодна з планам ён павінен быць большым, чым той, што згарэў.
Цэглу спецыяльна абпальвалі на Замастах. Сцены ўжо былі ўзведзены, заставаўся дах… але наступіў 1939 год. Самая Чырвоная армія ўступіла на тэрыторыю Заходняй Беларусі. Выхаванне ў духу самай лепшай у свеце “пралетарскай ідэалогіі” не сумяшчалася з рэлігіёзнасцю большасці насельніцтва, таму галоўнай задачай было выкараненне ўсяго падобнага з чалавечай свядомасці: касцёл Святых апосталаў Пятра і Паўла часткова разабралі, зрабілі ніжэйшым, накрылі дахам, а пасля вайны (увага!) тут зладзілі рэстаран “Белавежская пушча”, а ў 60-х гадах панізілі статус да звычайнай “чайной”.
https://www.youtube.com/watch?v=xJUIaHZFcZ8
У 1959 (у некаторых крыніцах 1961) годзе капліца за адну ноч (днём пабаяліся людскога гневу) была знішчана бульдозерамі – Камянецкі каталіцкі прыход перастаў існаваць. У касцёле Святых апосталаў Пятра і Паўла былі вялікая бібліятэка і архіў. Пасля разбурэння старога касцёла частка бібліятэкі і архіва вывезена ў невядомым накірунку, частка перададзена ў касцёл вёскі Пелішча, частку выратавалі людзі. Самы стары дакумент, які цяпер знаходзіцца ў касцёле, датуецца канцом ХVIII стагоддзя – “Кніга касавая” 1798-1837 гг., складзеная на польскай мове.
Па архівах касцёла можна меркаваць аб нараджальнасці і смяротнасці ў Камянецкай парафіі, як размяркоўваліся ахвяраванні. Цікавыя дакументы на рускай мове “Нарад папер адміністратара Камянец-Літоўскага Рымска-каталіцкай парафіі за 1872-1884 гг.», «Метрычныя акты за 1872-1909 гг.»
Захаваліся арнаты (літургічнае адзенне свяшчэнніка), якія ўяўляюць сабой багата ўпрыгожаную залатым і сярэбраным шыццём (і нават у тэхніцы слуцкіх паясоў) накідку без рукавоў з разрэзамі для галавы, якой накрываюць грудзі і спіну.
Цікавы лёс крыжа галоўнага алтара. Капліца на могілках, пабудаваная айцамі-варфаламістамі, прызначалася для пахавання манахаў. Пасля разбурэння касцёла крыж з галоўнага алтара знаходзіўся ў ёй. Згодна з успамінамі мясцовага жыхара Уладзіслава Сянкевіча, падзямелле капліцы складалася з дзвюх частак: у ім стаялі адкрытыя труны манахаў. Усю вайну капліца прастаяла, а пасля заканчэння вайны жыхары разабралі яе на гаспадарчыя патрэбы, які лёс парэшткаў невядома. Сям’я Буро вынесла крыж з капліцы і захоўвала яго да 2000 года.
У 1992 годзе намаганнямі ксяндза Яна Васілеўскага і парафіі ўдалося вярнуць будынак вернікам у судовым парадку. Касцёл аднаўляецца па праекце, распрацаваным ў Баранавічах. Частка рэчаў вярнулася назад (даразахавальніца, статуі Св. апосталаў Пятра і Паўла, рызы для службы, абразы Хрэснага ходу, абразы Св. Антонія, Божай Маці Чанстахоўскай, Св. Тэрэзы, лампады, вечны агонь, фігуры анёлаў, чаша), і жыццё ў касцёле зноў пайшло па сваім ранейшым рэчышчы.
У артыкуле выкарыстаны матэрыялы Георгія Сцяпанавіча Мусевіча. Асаблівая падзяка ксяндзу Яну Васілеўскаму і Таццяне Сыраежцы (некалі настаўніца гісторыі СШ №1 у горадзе Каменцы). У артыкуле выкарыстаны фатаграфіі: Валянціны Кузняцовай, Лізаветы Гарапучык, Марыі Барысавай, Ірыны Сіпайла, Святланы Ланкуць, Вікторыі Шыдлоўскай, Ніны Трафімчук, Zmiciera Vajcechovicza.
[wpedon id=”13624″ align=”center”]
Понравилось? Поделись!