Гэты праект робіць гісторыю нашага горада цікавай і жывой. Не жудаснай каламутай на ўроках у школе і падручніках, прыдатных толькі для падпалкі грубы, а даступнай і захапляльнай як для дзяцей, так і для сталых. Праект «Стары Камянец» адкрывае таямніцы гісторыі нашага горада і разгадвае яе мноства загадак, прэпаруючы кожную гіпотэзу пад лупай скепсісу, стоптваючы горад ножкамі і дыхаючы векавым пылам у архівах.
Праект робіць нашу гісторыю даступнай з дапамогай кампутараў і планшэтаў, а таксама на паперы ў выглядзе кнігі. Ён ствараецца не ў адзіночку, а талакою: аматарамі і прафесіяналамі. Рады ўсім і любой дапамогі – дзверы адчынены круглыя суткі, фэйс-кантроль і дрэс-код адсутнічаюць.
І нарэшце, то дзеля чаго ўсё гэта пачалося. Нам абавязкова трэба ЎСПОМНІЦЬ, кім мы былі, ЗРАЗУМЕЦЬ, кім сталі і ПАЗНАЦЬ, якімі мы будзем.
Што зроблена?
Сайт «Камянец і ваколіцы» даў прытулак праекту «Стары Камянец». Сярод гараджан было распаўсюджана 200 асобнікаў кампакт-дыскаў з імправізаваным фотаальбомам.
Са студзеня 2016 гады пачаліся штотыднёвыя публікацыі фатаграфій у раённай газеце “НК” у рубрыцы “Камянетчына на старых фота“, завошта і адгрэбла дыплом.
Па выніках трохгадовых публікацый быў выдадзены фотаальбом, а сам праект “Каменетчына на старых фота” 3 траўня 2019 года атрымаў Гран-пры конкурсу “Залатая літара”.

Што трэба зрабіць?
Ператварыць сціплаватую інтэрнэт-старонку ў годны медыя-прадукт з цікавай, а ў наступным і карыснай інфармацыяй. Гэтакі перадавы віртуальны праект, які па макулінках збірае, ратуе і захоўвае наша мінулае.
Што далей?
А далей музей горада! Талакою…
Як?!
За гады працы з камянчанамі я ўбачыў наступныя перадумовы:
- Людзі гатовыя перадаваць сваю маёмасць у музей і толькі ў музей і з крыўдай перажываюць, што не могуць гэтага зрабіць
- Школьным музеям ніхто не давярае
- Я, як жыхар горада і просты чалавек, у дадзеным выпадку не маю маральнага права прыняць чужую маёмасць у сваё валоданне
- Адказныя афіцыйныя персоны не стварылі ўмоў для атрымання вышэйпаказанай маёмасці і яе захоўванні (хоць спробы былі)
- Бюджэт не зможа пацягнуць чарговую стратную ўстанову (а я і не настойваю, што гэта мерапрыемства павінна быць за дзяржаўныя грошы)
Высновы…
- Праект “Стары Камянец” паўстае ў выглядзе некамерцыйнай арганізацыі (фонд ці грамадская арганізацыя)
- Арганізацыя знаходзіць жыхароў горада, якія жадаюць і могуць дапамагчы
- Арганізацыя збірае і зарабляе законнымі спосабамі матэрыяльныя сродкі для выканання пункта 4
- Арганізацыя знаходзіць прыстойнае памяшканне для адказнага захоўвання перададзеных артэфактаў і, па магчымасці, іх экспанаванні
- Перадача маёмасці суправаджаецца натарыяльным афармленнем адпаведных дакументаў
- Выйсце на стварэнне Музея
Гэта стратэгічныя крокі. Тактыка, г.зн. тэхнічныя моманты, будуць публікавацца на гэтым сайце па меры іх вырашэння.